Закрыццё Рэспубліканскага тэатральнага фестывалю "Перамога"

16 мая
Закрыццё Рэспубліканскага тэатральнага фестывалю "Перамога"

Сёння, 16 мая 2023 года, быў паказаны апошні спектакль у межах Рэспубліканскага тэатральнага фестывалю "Перамога", які пачаўся 29 красавіка і аб'яднаў тэатральныя калектывы з усёй краіны. Закрываў фестываль спектакль Палесскага драматычнага тэатра "Пасланне з мінулага", дзе адначасова аўтарам п'есы, рэжысёрам-пастаноўшчыкам і мастаком-пастаноўшчыкам з'яўляецца Павел Анатольевіч Марыніч, таленавіты пінскі рэжысёр. У аснове спектакля ляжыць рэальная гісторыя роднага для аўтара горада і яго жыхароў. Адну за другой дзеючыя асобы, сучасныя маладыя людзі, гарталі крывавыя старонкі ваеннай гісторыі, сведкамі якой з'яўляецца стары пакінуты дом. Перад іх вачыма разварочваліся страшныя падзеі: вось прыйшлі ў горад захопнікі, вось пачаўся голад, вось каты прымусілі яўрэйскую частку насельніцтва перабрацца ў сумна вядомае Пінскае гета...
Гэты спектакль, як і ўвесь фестываль "Перамога", нагадвае аб важнасці захавання гістарычнай праўды і памяці аб нашых продках, якія не зламаліся ў барацьбе з ворагам, а вытрымалі, якія паднімалі змучаную вайной краіну - і паднімалі дзяцей, каб тыя маглі жыць пад мірным небам.
Магчыма, фестываль стане традыцыйным, таму не спяшаемся развітвацца, а спадзяемся, што ў наступным годзе зноў сустрэнемся ў Купалаўскім тэатры, каб пазнаёміцца з новымі спектаклямі на тэму Вялікай Айчыннай вайны, адкрыць для сябе новыя імёны.
І каб памятаць пра святую Перамогу.