Вечар сямейнага чытання на сцэне Купалаўскага тэатра

31 мая
Вечар сямейнага чытання на сцэне Купалаўскага тэатра

Сёння, напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей, на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы прайшоў вечар сямейнага чытання "Бацькоўскі дар", які падрыхтаваў Беларускі саюз жанчын пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі. На сямейнае чытанне кнігі "Бацькоўскі дар", якая складаецца з твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа, запрасілі мнагадзетныя сем'і з усёй краіны і выбітных асобаў беларускай зямлі. Свае любімыя радкі з твораў класікаў прачыталі Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Мечыслававіч Маркевіч, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, старшыня ЛДПБ Алег Сяргеевіч Гайдукевіч і прэс-сакратар Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Мікалаеўна Эйсмант. Творчыя нумары гледачам дарылі танцавальныя і музычныя калектывы, не засталіся ў баку ад настолькі значнага мерапрыемства і карыфеі купалаўскай сцэны: Генадзь Сцяпанавіч Аўсяннікаў і Марыя Георгіеўна Захарэвіч. Як слушна заўважылі напрыканцы мерапрыемства, не будзе кнігі - не будзе краіны. Таму застаецца толькі паўтарыць: давайце шанаваць роднае слова і перадаваць яго нашчадкам, каб яно стала сапраўдным бацькоўскім дарам!