Купалаўцы пачынаюць сезон у Томску
Тэатр выступіць у рамках Дзён беларускай культуры па запрашэнні Губернатара Томскай вобласці. Яны закліканы аддаць даніну памяці нашым славутым суайчыннікам, аўтарам і ўдзельнікам спектакля, які стаў візітнай карткай беларускага тэатральнага мастацтва. Апроч “Паўлінкі” падчас гастроляў у Томску Купалаўскі тэатр прадставіць 10 верасня "Ноч на Каляды" ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна і 11 верасня Офіс у пастаноўцы Кацярыны Аверкавай.
Упершыню купалаўцы апынуліся ў Томску ў 1941 годзе. Вайна заспела тэатр на гастролях у Адэсе. Трупе давялося, не вяртаючыся ў Мінск, ехаць у Сібір. Гасцінны Томск прытуліў артыстаў і даў мажлівасць працаваць у будынку свайго гарадскога тэатра, дзе цяпер размяшчаецца Тэатр юнага гледача. З усіх канцоў Савецкага Саюза ў Томск сталі з’язджацца сваякі і былыя супрацоўнікі тэатра, якім удалося вырвацца з Беларусі.
Артысты рыхтавалі эстрадныя праграмы для сібіракоў, якіх накіроўвалі на фронт, цяжкапараненых, перавезеных у тыл, рабочых абаронных заводаў і калгаснікаў. Узнаўлялі найлепшыя спектаклі з тых, што гралі ў Мінску. Прычым ім даводзілася перавучваць ролі на рускай мове, дапамагаць рыхтаваць дэкарацыі, шыць касцюмы, рабіць бутафорыю і рэквізіт.
– Томскі глядач палюбіў наш тэатр, палюбіў акцёраў – ён ведаў іх не толькі на сцэне, але і ў жыцці, сціпла, па-бежанску апранутых, простых і працавітых усюды, дзе былі патрэбны не толькі тэатральны талент, але і рукі, – узгадваў заслужаны артыст БССР Яўген Рамановіч у адным з інтэрв’ю.
За час працы ў Томску з 1941 па 1944 год тэатр узнавіў 11 спектакляў і стварыў 14 новых. Сярод якіх – знакамітая “Паўлінка” ў пастаноўцы Льва Літвінава. І нават праз 70 год усё ў ім – сюжэт, дэкарацыі, мізансцэны – засталося ранейшым.
Туды, дзе яна “нарадзілася”, “Паўлінка” вяртаецца не ў першы раз. Абменныя гастролі з Томскім тэатрам адбыліся ў 1985 годзе. У 2000-м годзе купалаўцаў сустракалі там на фестывалі, прысвечаным 150-годдзю Томскага абласнога тэатра драмы.