Дзень адкрыцця Мінскага гарадскога тэатра

05 чэрвеня
Дзень адкрыцця Мінскага гарадскога тэатра

5 чэрвеня 1890-га года быў адкрыты Мінскі гарадскі тэатр, у будынку якога зараз служыць трупа Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Арганізацыяй будаўніцтва Мінскага гарадскога тэатра займаўся князь Мікалай Трубяцкой, губернатар, а архітэктарам быў Караль Казлоўскі. Работы доўжыліся два гады, і ў выніку будынак тэатра стаў адным з самых прыгожых у горадзе. Тэатр быў адкрыты любіцельскім спектаклем паводле твора Актава Фелье «Сфінкс», у цэнтры якога — вобраз ракавой французскай жанчыны, модны ў тыя гады. А першы сезон тэатра 9 верасня 1890 года адкрыла пастаноўка «Злоба дня». У 50-я гады будынак тэатра перарабілі па праекту архітэктара Абрама Духана і пазбавілі ўсялякіх упрыгожванняў накшталт вытанчанай лепкі, і толькі падчас маштабнай рэканструкцыі ў 2010-2013-х гадах тэатр вярнуў свой першапачатковы выгляд.