Купалаўскі тэатр сабраў “Ураджай” у Парыжы

06 снежня
Купалаўскі тэатр сабраў “Ураджай” у Парыжы

5 і 6 снежня 2019 года Купалаўскі тэатр вярнуўся ў Францыю і працягнуў слаўную гастрольную традыцыю! Найстарэйшы тэатр Беларусі ўжо прэзентаваў у Парыжы беларускую класіку (“Пан Тадэвуш” у 2014 годзе), адну з самых вядомых французскіх п’ес (“ART” у 2016 годзе), а цяпер надышла чарга сучасных беларускіх творцаў і самага вядомага прадстаўніка “новай драмы” – Паўла Пражко. Напярэдадні 100-гадовага юбілею ў тэатры l’Espace Beaujon пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Францыі і французскай асацыяцыі “Demain le Printemps” Купалаўскі выступіў са спектаклем “Ураджай”.

Спектакль “Ураджай” – адна з апошніх прэм’ер на Камернай сцэне Купалаўскага тэатра. Рэжысёр Дзмітрый Цішко ўвасобіў на сцэне тэкст паспяховага беларускага драматурга Паўла Пражко – гэтае імя ўжо стала вядомым аматарам тэатра ва ўсім свеце, а яго п’есы былі перакладзены на замежныя мовы і пастаўлены многімі еўрапейскімі тэатрамі. Пераклад п’есы “Ўраджай” / La Récolte на французскую мову зрабіла Віржыні Шыманец.

Галоўныя ролі ў спектаклі выканалі маладыя артысты Купалаўскага тэатра Антаніна Дубатоўка, Павел Астравух, Іларыя Шашко і Міхаіл Зуй.

У якасці падзякі Купалаўскі даў магчымаць французскім аматарам тэатра атрымаць першыя зарэзерваваныя квіткі бясплатна. Акрамя гэтага, першыя 3 гледачы, якія прывялі з сабой 3 сяброў, атрымалі падарунак ад Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў выглядзе спецыяльнай сувенірнай прадукцыі да 100-га сезона і 100-годдзя тэатра.