Купалаўскі тэатр падчас Вялікай Айчыннай вайны

09 мая
Купалаўскі тэатр падчас Вялікай Айчыннай вайны
79 гадоў таму жахлівыя звесткі пра Вялікую Айчынную вайну сустрэлі трупу Першага Беларускага дзяржаўнага тэатра падчас гастроляў у Адэсе. Выпрабаванні, якія ляглі на шматлікія людскія лёсы моцна адбіліся і на дзейнасці Першага Беларускага дзяржаўнага тэатра. Прапаноўваем разам з намі згадаць гісторыю тых часоў.

Тагачасная дырэктарка БДТ-1 Фані Алер усімі праўдамі і няпраўдамі дамаглася ў мясцовай адміністрацыі дазволу на ад’езд цалкам усёй трупы з Адэсы ў Маскву, у якой было прынята рашэнне аб эвакуацыі беларускага тэатра спачатку ў Навасібірск, а затым – у Томск. На некалькі гадоў гэты паўночны горад і стаў другім домам для калектыву БДТ-1.

Хуткімі тэмпамі пачала ісці праца над аднаўленнем пастановак: дэкарацый, рэквізіту, касцюмаў не ставала пасля шматлікіх і хуткіх пераездаў. Па-за сцэнай акцёры станавіліся дэкаратарамі, касюмерамі і бутафорамі. Ніхто не чураўся не сваёй працы і дапамагалі адно аднаму.

У ваенны час не толькі рэпертуар БДТ-1 змяніўся пад навакольнымі падзеямі, але і сама дзейнасць тэатра. Для паездак на фронт былі сфарміраваныя франтавыя брыгады. Першая – у 1943 г. пад кіраўніцтвам Глеба Глебава, другая – у 1944 г. пад кіраўніцтвам Уладзіміра Уладамірскага.

Перад салдатамі і афіцэрамі артысты БДТ-1 выконвалі камедыю “Скупы”Ж.-Б. Мальера, мантаж сцэн з “Фронта” А. Карняйчука, творы М. Глінкі, П. Чайкоўскага, М. Мусаргскага, Л. ван Бетховена, А. Дворжака, І. Брамса, беларускі, украінскі, рускі, армянскі, грузінскі песенны фальклор.

Выступамі беларускіх артыстаў захапляліся не толькі рускія, але і нямецкія салдаты. Леанід Рахленка згадваў выпадак, які здарыўся пад час адной з паездак на фронт: “Вайсковая частка, у якой давалі канцэрт беларускія артысты, размяшчалася з аднаго боку ля невялікай горкі, а з другога боку – немцы. Цішыня. Вечар. Спяваюць нашы жанчыны. Вецер разносіць прыгожыя песні, кранальныя, пачуццёвыя, меладычныя. Пасля кожнай песні з таго боку неслася: “Рус, іграй яшчэ”.

За дваццаць дзён у чэрвені 1943 г. артысты далі 65 спектакляў і 71 канцэрт непасрэдна ў арміі. Больш за сорак чалавек змаглі пабачыць выступленні беларускай трупы.

Акрамя выездаў на фронт артысты БДТ-1 таксама ажыццяўлялі шэфскую работу, давалі канцэрты і спектаклі ў шпіталях, воінскіх частках. Сродкі ад часткі паказаў на стацыянары і гастролях пайшлі на закупку баявога самалёта. На яго борце было напісана “БДТ-1”.

Менавіта ў эвакуацыі, за сотні кіламетраў ад дому, з’явілася славутая “Паўлінка”, якая потым стане візітоўкай Купалаўскага тэатра.

Над спектаклем працавалі рэжысёр Леў Літвінаў, мастак Барыс Малкін і кампазітар Яўген Цікоцкі. Літвінаў прапанаваў змяніць арыгінальны фінал п’есы Купалы на жыццясвярджальны, паводле якога Паўліна збягае разам з Якімам, бо такое рашэнне адпавядалачасу і жанру “камедыі”. Акцёрскі склад “Паўлінкі” быў па-сапраўднаму зорным: у спектаклі былі заняты Уладзімір Дзядзюшка(Сцяпан Крыніцкі), Лідзія Ржэцкая (Альжбета), Глеб Глебаў (Пранціш Пустарэвіч), Вера Пола (Агата), Іван Шаціла (Якім Сарока),Барыс Платонаў (Адольф Быкоўскі). Вылучалася сярод усіх Паўлінка – Раіса Кашэльнікава – першая ў доўгім шэрагу разумніц і прыгажунь Купалаўскай сцэны. Магчыма, трагічная вестка пра гібель Янкі Купалы ў чэрвені 1942 і сталася тым штуршком для пастаноўкі спектакля.

Томскія гледачы з вялікай любоўю, нават захапленнем, ставіліся да беларускіх артыстаў. І калі ў тэатр прыйшлі звесткі аб вызваленні Мінска, вельмі ўгаворвалі беларускую трупу застацца. Але артысты так імкнуліся дадому, што ледзь паспелі развітацца з Томскам.

Вяртанне трупы дадому сталася трагічным. Глыбокай ноччу, у 50-ці кіламетрах за Омскам, некалькі вагонаў цягніка сышло з рэек. Сярод шматлікіх ахвяр аказаліся акцёры Маргарыта Шашалевіч, Канстанцін Быліч, Барыс Аляксеенка, Ігар Шчансновіч. Загінула і маленькая дачка Глеба Глебава Глена. Сведка страшнай трагедыі, Аляксей Платонаў, згадваў, як перад тым, як сесці ў іншы санітарны цягнік, артыст Іван Шаціла выразаў нажом на ствале сасны імя “Рыта” ў памяць Маргарыты Шашалевіч.

У Мінск трупа вярнулася 4 кастрычніка 1944 г. Умовы, у якіх апынуліся артысты, былі складанымі, складана было знайсці нават прыстойнае жытло, таму пэўны час даводзілася жыць у будынку тэатра і спаць пад сцэнай. Гэта было адзінае цёплае месца ў халодным тэатры.

Але паступова тэатр вяртаўся да звыклай працоўнай паўсядзённасці. Аднаўляліся лепшыя даваенныя спектаклі і тыя, якія паўсталі ў эвакуацыі. Рыхтаваліся новыя прэм’еры.

Усяго за няпоўныя тры гады ў эвакуацыі тэатрам было адноўлена і пастаўлена 24 спектаклі.

Галерэя: