"Арт". Рыхтуецца прэм'ера

04 лістапада
"Арт". Рыхтуецца прэм'ера
У Нацыянальным акадэмічным тэатры рыхтуецца новы спектакль "Арт" па п'есе Язміны Рэзы. Прэм'ерны паказ адбудзецца 1 снежня.

У трэці раз да пастноўкі гэтай інтэлектуальнай камедыі, што прынесла французскай аўтарцы сусветную вядомасць і шматлікія літаратурныя прэміі ў 90-я гады, звярнуўся рэжысёр Мікалай Пінігін. Упершыню ў 1997 годзе для Мінскага Малага тэатра, які ўжо не існуе, з "зорным" акцёрскім трыо Віктара Манаева, Сяргея Жураўля і Ігара Забары. Затым для Расійскага дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага драматычнага тэатра імя Г. Таўстаногава ў Санкт-Пецярбургу з Андрэеем Талубеевым, Валерыяем Дзегцярам і Генадзем Багачовым. 

Цяпер і на купалаўскай сцэне з'явіцца знакамітая гісторыя, як сяброўства трох мужчын апынулася пад пытаннем, калі адзін з іх набыў сабе карціну за вялікія грошы. У спектаклі будуць задзейнічаныя два склады. У ролі Сержа гледачы ўбачаць Сяргея Чуба і Аляксандра Казелу. Марк – Алег Гарбуз і Арцём Бародзіч. Іван – Павел Харланчук-Южакоў і Міхаіл Зуй.

Дэкарацыі рыхтуе мастак Аляксандр Арлоў. Касцюмы – Людміла Ганчарова.