Фестываль «Перамога»
Пра фестываль
Тэма Вялікай Айчыннай вайны і памяці пра гераізм нашых продкаў з’яўляецца адной з ключавых для беларускага грамадства і для мастацтва нашай краіны. Яна знаходзіць адлюстраванне і ў творах пісьменнікаў, і на палотнах мастакоў, і ў кінафільмах, і, вядома, на тэатральных сцэнах. Убачыць лепшыя спектаклі ваенна-патрыятычнай тэматыкі вам прапаноўвае Рэспубліканскі тэатральны фестываль “Перамога”, які пачаў сваю гісторыю ў 2023 годзе. Яго арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам і дзяржаўная ўстанова “Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы”.
Галоўныя мэты фестывалю – папулярызацыя тэатральнага мастацтва і спектакляў патрыятычнай тэматыкі, развіццё і ўмацаванне лепшых традыцый, дасягненняў нацыянальнай тэатральнай школы, умацаванне культурных сувязяў, абмен духоўным і культурным творчым вопытам, павышэнне прафесійнага майстэрства ўдзельнікаў фестывалю і іх цікавасці да спектакляў ваенна-патрыятычнай тэматыкі, выяўленне і падтрымка таленавітай моладзі, павышэнне ўзроўню выканальніцкага майстэрства, арганізацыя патрыятычнага выхавання грамадзян.
Перад гасцямі фестывалю будуць паказаны самыя кранальныя, вострыя, глыбокія спектаклі апошніх гадоў, якія праслаўляюць гонар і годнасць, мужнасць і любоў да Бацькаўшчыны. Фестываль “Перамога” – яшчэ адна магчымасць узгадаць, якой высокай цаною была здабыта Перамога: цаною жыцця мноства чалавек, якія маглі б спакойна працаваць на сваёй зямлі, рабіць добрыя справы, гадаваць дзяцей, любіць і кахаць...
Наш гонар. Наша памяць. Наша “Перамога”!
– Дарагія сябры і ўдзельнікі фестывалю “Перамога”!
Захаванне гістарычнай праўды – адна з галоўных задач, якія стаяць перад нашым грамадствам. Мы абавязаны берагчы мір на зямлі, шанаваць памяць нашых мужных продкаў і перадаваць гэтую спадчыну, здабытую дарагой цаной, нашчадкам.
Купалаўскі тэатр у памяць аб унёску беларускага народа ў вялікую Перамогу ставіць перад сабой місію несці ў будучыню набыткі мінулага і падтрымліваць у сваіх гледачах шчырае пачуццё любові да Радзімы. І ў гэтай справе важнае месца займае Рэспубліканскі тэатральны фестываль “Перамога” . Гісторыі, якія раскажуць для вас удзельнікі, – гэта гісторыі звычайных людзей, простых салдат і мірных жыхароў, чые лёсы так раптоўна і бязлітасна змяніла вайна. Вы ўбачыце спектаклі пра штодзённы подзвіг у імя Бацькаўшчыны, цяжкія жыццёвыя выбары і страты, а яшчэ – пра чалавечнасць, справядлівасць, сяброўства, міласэрнасць і каханне, якія мацнейшыя за выпрабаванні і жахі вайны.
Будзем ганарыцца. Будзем памятаць. Будзем разам!
Генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы
Аляксандр Шастакоў
Сродкi масавай iнфармацыi аб фестывалi:
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() ![]() |