"Вяселле" - Міжнародны тэатральны фестываль у Сібіу (Румынія)

Дата: 11-12 чэрвеня 2013

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прадставіў на Міжнародным тэатральным фестывалі ў горадзе Сібіу (Румынія) спектакль “Вяселле” ў пастаноўцы Уладзіміра Панкова. 


З гэтым спектаклем купалаўцы два разы выязджалі на 40-дзённыя гастролі па Францыі, прадстаўлялі яго на IV Тбіліскім міжнародным фестывалі тэатра ў Грузіі ў верасні 2012 года, паказвалі на пляцоўках Расіі, Украіны, Іспаніі, Азербайджана і іншых краін.

“Вяселле” - SounDrama ў адной дзеі, пастаўленая расійскім рэжысёрам Уладзімірам Панковым у лютым 2009 года паводле аднайменнай п’есы А. Чэхава. На думку рэжысёра, саундрама – гэта змяшэнне жанраў, сціранне межаў паміж рознымі відамі мастацтва для стварэння чагосьці новага, інавацыйнага, незвычайнага.

Дзве гадзіны апантанага сцэнічнага дзеяння паглыбляюць гледача ў атмасферу вясельнага банкета, дзе ёсць месца для ўсяго: ад забабонаў і застольных песень да нястрымнай весялосці і гарачых танцаў. За гукамі і рытмамі вясельнай урачыстасці пазнаюцца тонкія акцэнты чэхаўскага тэксту на фоне добра вядомых савецкіх рэалій.

У пастаноўцы занята большая частка купалаўскай трупы: народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў, народныя артысты Беларусі Генадзь Гарбук, Мікалай Кірычэнка, Арнольд Памазан, артысты Святлана Анікей, Святлана Зелянкоўская, Міхаіл Зуй, Аляксандр Малчанаў, Ганна Хітрык, Вікторыя Чаўлытка і іншыя. У спектаклі таксама грае артыст Маскоўскага драматычнага тэатра імя А.С.Пушкіна Андрэй Завадзюк. Адным з герояў спектакля з’яўляецца і аркестр, які аб’ядноўвае музыкантаў маскоўскага тэатра SounDrama і Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Міжнародны тэатральны фестываль у г. Сібіу праходзіць кожны год на пачатку лета. Еўрапейская камісія назвала фестываль у Сібіу трэцім па значнасці пасля фестываляў у Эдынбургу і Авіньёне. Форум складаецца з пятнаццаці творчых секцый: спектаклі, вулічныя прадстаўленні, цырк, адкрытая ярмарка выканаўчых мастацтваў, тэатр і кіно, фламенка, сусветная музыка, тэатральныя чытанні і радыёпастаноўкі, сустрэчы тэатральных школ і акадэмій, спецыялізаваныя майстар-класы, семінары па сучасным мастацтве і інш.

Сібіу – горад у Румыніі з насельніцтвам каля 130 тысяч чалавек, адзін з важнейшых культурных і рэлігійных цэнтраў краіны. У 2007 годзе сумесна з Люксембургам быў абраны культурнай сталіцай Еўропы. 

Галерэя: