Вяртанне спектакля "Не мой" паводле аповесці Алеся Адамовіча

23 чэрвеня
Вяртанне спектакля "Не мой" паводле аповесці Алеся Адамовіча

Любімы многімі гледачамі Купалаўскага тэатра, адзін з самых знакавых спектакляў з рэпертуару — спектакль “Не мой” — ізноў вяртаецца на сцэну Купалаўскага тэатра. Бліжэйшыя паказы адбудуцца 30 чэрвеня і 2 ліпеня. У першы дзень паказу, 30 чэрвеня, у Каміннай залі адбудзецца адкрыццё дакументальнай выставы з фондаў Дзяржаўнага музея гiсторыi беларускай лiтаратуры “Алесь Адамовiч...”.

“Не мой” стаў адным са знакавых спектакляў Купалаўскага тэатра, пастаўленых за апошняе дзесяцігоддзе. Спектакль Аляксандра Гарцуева паводле аповесці Алеся Адамовіча “Нямко” разам са сцэнаграфіяй Барыса Герлавана стаў, напэўна, самай моцнай і кранальнай пастаноўкай пра вайну. У цэнтры сюжэта беларуская дзяўчына Паліна, якая ратуе нямецкага салдата Франца і прадстаўляе яго сваім нямым братам. На могілках і папялішчах нараджаецца каханне – здаецца, гэта адзінае, што дазваляе выжыць у нечалавечых абставінах.

Спектакль стаў адным з першых лаўрэатаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі і атрымаў узнагароды ў намінацыях "Найлепшы спектакль года", "Найлепшая жаночая роля" (Святлана Анікей), "Найлепшая сучасная пастаноўка паводле твораў беларускіх аўтараў" (рэжысёр Аляксандр Гарцуеў, інсцэніроўка Алена Калюнова), "Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка" (Барыс Герлаван), "Найлепшае музычнае афармленне" (Алег Хадоска).  “Не мой” таксама атрымаў Гран-пры ХІ Міжнароднага фестывалю "Славянскія сустрэчы", прыз за найлепшую сцэнаграфію (Барыс Герлаван) і за найлепшы акцёрскі дуэт (Аляксандр Казела і Валянціна Гарцуева) (май 2013).

Аднаўленне спектакля прымеркавана да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Адмыслова для гэтага разам з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры ў Каміннай залі тэатра будзе ўпершыню прадстаўлена ўнікальная выстава з фондаў Дзяржаўнага музея гiсторыi беларускай лiтаратуры. “Алесь Адамовiч...”. На экспазіцыі будзе прадстаўлены творчы і жыццёвы шлях беларускага дакументаліста, які ўсю сваю працу прысвяціў даследаванню лёсаў людзей вайны.

Галерэя: