Народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук
Пра артыста такога маштабу складана казаць у прамінулым часе, бо з намі застаюцца ягоныя працы ў тэатры, кіно і на радыё. Застаецца ягоны малады, непадуладны ўзросту голас. Як жа ён любіў спяваць! Гэтую любоў да спеваў, якую яму з маленства перадалі ягоныя бацькі – Міхаіл і Настасся, артыст захаваў на ўсё жыццё. Якіх толькі песняў не прапяяў Гарбук! Цыганскія, італьянскія, ваенныя і марскія песні, розныя рамансы, у тым ліку і на словы ўлюбёнага Аляксандра Вярцінскага, з творчасцю якога Генадзя Міхайлавіча пазнаёміў ягоны калега і сябар Барыс Уладамірскі. Усе гэтыя песні прагучалі з купалаўскай сцэны на ўрачыстай вечарыне з нагоды 80-годдя Артыста.
80-гадовы Юбілей у Купалаўскім. 2014 г.
Глыбокі голас Гарбука гучаў напоўніцу цэлы вечар. Паводле ўспамінаў артыста, любоў да музыкі і да сцэны нарадзілася ў ягонай душы, дзякуючы таленавітаму акардэаністу, які пасяліўся ва Ушачах пасля вайны і меў стары нямецкі акардэон (ці не той самы славуты Вельтмайстар?). А таксама дзякуючы велізарнай колькасці трафейных фільмаў, якія ён прагледзеў, седзячы ў кабінцы кінамеханіка. Другая важная для творчасці сустрэча адбылася ў Мінску падчас вучобы ў тэатральным інстытуце. Свайго педагога па акцёрскім майстэрстве Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова Генадзь Гарбук заўсёды называў сваім “вялікім настаўнікам і другім бацькам”.
У Купалаўскім тэатры Гарбук праслужыў 56 гадоў і стаўся ягонай легендай. Разнастайныя вобразы, якія ён ствараў на сцэне, як, дарэчы, і ў кінематографе, вылучаліся каштоўнай рысай – ягоны вобраз адпавядаў выразнаму архетыпу беларуса – мудрага і беспрытульнага. Усе яны – Васіль Дзятлік (“Людзі на балоце”), Сымон (“Раскіданае гняздо”), Дзед Курыла (“Сымон-музыка”), а таксама Цімох у фільме “Людзях на балоце”, Людвік Лапатуха (“Чорны замак Альшанскі”), Васіль Талаш (“Талаш”) і, канечне ж, Пятрок Багацька са “Знаку бяды” Васіля Быкава – знакавыя вобразы беларускага культурнага поля. А куды ж без Пранцыся Пустарэвіча і Сцяпана Крыніцкага са славутай Купалаўскай “Паўлінкі” і Пратасавіцкага з “Пінскай шляхты”! А без Лейзера з “Памінальнай малітвы”! Без Гастрыта з “Вечара” ? Як жа без іх?.. Так і атрымалася, што Гарбук стаў неабходным сцэнічным ды кінематаграфічным героем да твораў Купалы, Коласа, Быкава, Караткевіча, Дуніна-Марцінкевіча, Мележа, Макаёнка, Крапівы, Дударава, Бутрамеева, Чыгрынава, Адамовіча… Наш Гарбук!
Дзед Курыла "Сымон-музыка"
Еўдакім Захаравіч Жыгалаў, "Вяселле"
Сцяпан Крыніцкі, "Паўлінка"
Кучэра "Не мой"
Чарнушка "Людзі на балоце"
Ціхон Пратасавіцкі "Пінская шляхта"
Мікіта "Вечар" (разам з Генадзем Аўсяннікавым, Тамарай Міронавай і рэжысёрам Валерыям Раеўскім)
Чарнушка ў фільме "Людзі на балоце"
Фільм "Знак бяды"
Генадзь Міхайлавіч любіў кнігі. Ён быў заўсёднікам агульнай залы Ленінскай (тагачаснай) бібліятэкі. Займаўся ёгай. Вырошчваў адмысловым чынам бульбу. У маладосці насіў круглыя (гарыпотараўскія) акуляры.
Чатыры разы быў у Парыжы. Вельмі любіў падарожжы і дарогу. Пражыў доўгае і няпростае жыццё.
9 лютага Купалаўскі тэатр і сотні людзей праводзілі любімага артыста ў ягоны апошні доўгі шлях.
Аўтограф Генадзя Гарбука