Каля 100.000 гледачоў прагледзяць інтэрнэт- і відэапраекты Купалаўскага тэатра за красавік-май 2020 г.

19 мая
Каля 100.000 гледачоў прагледзяць інтэрнэт- і відэапраекты Купалаўскага тэатра за красавік-май 2020 г.
З 27 сакавіка Купалаўскі тэатр распачаў свой выхад у online-прастору, каб заставацца разам з гледачамі нават ва ўмовах адсутнасці магчымасці наведаць тэатр. Оnline-паказы шэрагу спектакляў з архіва тэатра і бягучага рэпертуару, жывыя трансляцыі (“Купалаўскі online” і “Купалаўскі дома”), цікавыя праекты (“Чытаць я хацеў!”), выпуск другога нумара часопісу “Купалаўскі”, які зараз даступны і ў электронным фармаце, - за ўнікальнымі актыўнасцямі Купалаўскага тэатра сочаць не толькі беларускія гледачы, але і аматары тэатра па ўсім свеце.

У рамках праектаў “Купалаўскі online” і “Купалаўскі дома” адбылося 9 паказаў: спектаклі з бягучага рэпертуару і архіва тэатра, творчы вечар і спектакль-капуснік да 95-годдзя тэатра. На працягу двух тыдняў у сакавіку і красавіку online-паказы і трансляцыі спектакляў Купалаўскага тэатра ўбачылі каля 65 000 гледачоў.

Асабліва палюбіўся гледачам новы праект “Чытаць я хацеў!”. За два тыдні да праекта далучыліся 17 артыстаў, а агульная колькасць праглядаў online-чытанняў склала больш за 22 тысячы. У рамках праекта прагучалі як урыўкі з любімых усімі беларускай класікі, сусветна вядомыя замежныя творы, а таксама сучасныя беларускія аўтары. А з 1 па 8 мая кожны вечар на YouTube-канале і ў Instagram-акаўнце тэатра артысты Купалаўскага тэатра прачыталі аповесць Міхася Зарэцкага “Ой, ляцелі гусі…” Праект быў рэалізаваны дзякуючы падтрымцы генеральнага партнёра тэатра кампаніі Mastercard.

4 мая ў прамым эфіры відэасэрвісу VOKA нашы артысты сыгралі спектакль “Ураджай” адмыслова для інтэрнэт-аўдыторыі.

Пакуль Купалаўскі тэатр не працуе ў звычайным рэжыме, на рэкламных пляцоўках, дзе заўсёды можна ўбачыць афішы спектакляў і праектаў тэатра, мы размясцілі плакаты з жыццясцвярджальнымі цытатамі з легендарнага спектакля “Паўлінка”. Вядомыя ўсім выказванні герояў п’есы Янкі Купалы таксама дапоўнены пажаданнямі ад купалаўцаў – гэта падтрымка кожнаму беларусу ад тэатра, пажаданне берагчы сабе ў чаканні сустрэчы з гледачамі.

Купалаўскі тэатр падрыхтаваў спецыяльны відэаролік “Мы вернемся! Ваш Купалаўскі У ім адлюстравана жыццё тэатра без гледача, артыстаў і супрацоўнікаў тэатра, якое неўзабаве пачынае ажываць пад музыку Шапэна. Над стварэннем роліка працавалі Раман Падаляка, Міхаіл Зуй і Ксенія Васілёўкіна. Паглядзець яго можна ў сацыяльных сетках і на YouTube-канале тэатра.