З днём нараджэння, Уладзімір Мітрафанавіч Рагаўцоў!

03 красавіка
З днём нараджэння, Уладзімір Мітрафанавіч Рагаўцоў!
Трэцяга красавіка Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы святкуе дзень нараджэння заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Рагаўцова Уладзіміра Мітрафанавіча!


Уладзімір Рагаўцоў – выдатны артыст, надзвычайны талент якога захапляе гледачоў амаль 60 гадоў. Менавіта столькі часу акцёр служыць на легендарнай купалаўскай сцэне! За доўгія гады працы Уладзімір Мітрафанавіч увасобіў у Купалаўскім тэатры мноства выбітных вобразаў, у якіх паказаў сябе тонкім знаўцам чалавечай душы і таленавітым артыстам. Да кожнай ролі гэты слаўны акцёр падыходзіць з усёй душой, а да дарагіх гледачоў – з вялікай любоўю. Таксама Уладзімір Мітрафанавіч з’яўляецца даўнім сябрам беларускага радыё, напрыклад, у мінулым годзе ён прыняў удзел у запісе радыёфільма-рэквіема “Вогненая памяць” па матывах кнігі “Я з вогненай вёскі”. За свае заслугі перад тэатрам Уладзімір Рагаўцоў стаў уладальнікам нагруднага знака Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.

Паважаны Уладзімір Мітрафанавіч! Мы шчыра віншуем Вас з днём нараджэння і дзякуем за Вашы талент, чуласць душы, павагу да тэатральнага мастацтва! Заставайцеся незгасальным маяком на шляху маладых артыстаў, яркай зоркай для сваіх паклоннікаў, крыніцай дабрыні і мудрасці для сваякоў! Мы зычым Вам моцнага здароўя, вялікага шчасця, светлых думак, гармоніі ў душы і бясконцай любові гледачоў! Вы – жывая легенда Купалаўскага!

Дарагія сябры, далучайцеся да нашых віншаванняў і прыходзьце на спектаклі Купалаўскага тэатра з удзелам Уладзіміра Рагаўцова!